АРША́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Орша і Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала больш за 800 падпольшчыкаў. Мела каля 80 груп, у т. л. на чыг. вузле (К.У.Грачыха, М.П.Кузьмін, Е.М.Шамшурава), ільнокамбінаце (І.К.Петрачэнка), у друкарні (А.П.Нікалаеў), лагеры ваеннапалонных (В.А.Марчак), вёсках Вял. Сяло, Высокае, Дзевіна, Шыбекі, пас. Юрцава і інш. З ліст. 1941 на чыг. вузле пачала дзейнічаць група К.С.Заслонава. Патрыёты груп Дз.М.Бохана, братоў А., Б., І. і К.І.Бяляўскіх, Ф.Я.Коўтуна, З.М.Шэвень узрывалі эшалоны ворага з жывой сілай, тэхнікай, боепрыпасамі і гаручым; на ст. Самалюбаўка на 7 дзён спынілі рух паяздоў. Падпольшчыкі вялі растлумачальную работу сярод варожых фарміраванняў; у час падрыхтоўкі Бел. аперацыі 1944 перадалі сав. камандаванню больш за 200 картаў, схем і інш. звестак аб умацаваннях праціўніка.
Л.В.Аржаева.
т. 1, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)